СНЕГАЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для выдалення снегу з палатна аўтамаб. дарог, чыг. і трамвайных пуцей, аэрадромаў, вуліц, плошчаў і тратуараў. Падзяляюцца на снегаачышчальнікі, снегапагрузчыкі і пуцявыя С.м.

Снегаачышчальнікі дарожныя бываюць мех. (плужныя, плужна-шчотачныя, ротарныя, шнэкаротарныя) і цеплавыя (газаструменныя); на пнеўмаколавым (аўтамабілі, трактары, колавыя цягачы, прычэпы і паўпрычэпы) і гусенічным хаду. Плужныя (адна- і двухадвальныя) выкарыстоўваюць для патрульнай снегаачысткі; плужна-шчотачныя — для поўнага выдалення снегу з пакрыцця ссоўваннем асн. снегавой масы ў бок адвалам і змятання астатняга ўшчыльненага снегу шчоткай; ротарныя — для кідання снегу на 5—20 м (рэжучым дыскам або фрэзай-ротарам) за межы землянога палатна; плужна-ротарныя — для патрульнай ачысткі кідальным ротарам (да 15 м), снег да якога падаецца плугам; шнэкаротарныя — для выдалення значных снегавых мас на 30—35 м; газаструменныя — для ачысткі ад снегу дарог і аэрадромаў пры таўшчыні снегавога покрыва да 0,2 м газаструменным, газаструменна-мех., газаструменна-шчотачным уздзеяннем на снег. Чыгуначныя снегаачышчальнікі бываюць плугавыя, фрэзерныя, ротарныя. Рабочы орган устаноўлены ў пярэдняй частцы (у плугавых з двух тарцоў) вагона, які падштурхваецца лакаматывам. Снегапагрузчыкі прызначаны для пагрузкі снегу з валоў або куч у трансп. сродкі, некаторыя з іх могуць грузіць пясок, хларыды і інш. сыпкія матэрыялы. Зманціраваны на спец. аўтамаб. або трактарныя шасі, рабочы орган мае сілкавальнік лапавага тыпу (ці фрэзерны) і скіпавы коўш або скрабалкавы канвеер (элеватар). Пуцявыя ўборачныя машыны ачышчаюць тэр. чыг. станцый ад снегу і смецця. Рабочы орган іх — ротар з гнуткімі лопасцямі, крылы, ледасколвальнае прыстасаванне, канвееры. Снег загружаецца ў прычапныя паўвагоны, падлогай у якіх служыць пласціністы канвеер. Таўшчыня слоя ачысткі да 0,8 м. Для ачысткі стрэлачных пераводаў, сартавальных горак, тэрыторый станцый выкарыстоўваюць пуцявыя стругі, шматвагонныя (прычапныя да лакаматыва ці самаходныя) снегаўборачныя паязды і інш.

На Беларусі некаторыя разнавіднасці С.м. выпускаюць акц. т-ва «Амкадор» і прадпрыемства «Белдартэхніка».

С.​В.​Багдановіч.

Снегаўборачныя машыны: 1 — шнэка-ротарны снегаачышчальнік ДЭ-226 (акцыянернага таварыства «Амкадор»); 2 — франтальна-бакавы снегаўборачны адвал і раскідвальнік на аўтамабілі МАЗ; 3 — снегапагрузчык саўковага тыпу са скрабалкавым транспарцёрам; 4 — снегаўборачная машына для ачысткі тэрыторый чыгуначных станцый і стрэлачных пераводаў; 5 — чыгуначны ротарны снегаачышчальнік.

т. 15, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)